Чарнобыльская спадчына Усходняга Палесся


Чарнобыль і Палессе ўжо даўно асацыююцца ў адзіным кантэксце як нешта глабальнае і трагічнае.Край унікальнай прыроды і старажытнай народнай культуры, Палессе заставалася такім на працягу многіх стагоддзяў. Менавіта на Палессі больш выразна, чым у іншых рэгіёнах Еўропы, захаваліся этнакультурныя традыцыі і архаічныя элементы паўсядзённага жыцця, звычаяў і абрадаў, якія калісьці былі шырока распаўсюджаны ў іншых славянскіх землях.Да сярэдзіны ХХ стагоддзя гэты край быў найвялікшай у Еўропе тэрыторыяй балот, лясоў, азёр і густой сеткі велічных ціхаплынных рэк. Гэта быў свет не толькі дзікай прыроды, часам недаступнай і варожай чалавеку, але і самабытнай культуры з шэрагам унікальных рысаў.За савецкім часам рэгіён быў уключаны ў вялікі эксперымент пад назвай «сацыялістычная рэканструкцыя і калектывізацыя сельскіх гаспадарак». Асушэнне бяскрайніх палескіх балот абярнулася экалагічным крызісам.

Забалочаныя тэрыторыі, якія калісьці падтрымлівалі пэўны ўзровень паверхневых і грунтовых вод, ператварыліся ў калгасныя асушаныя палі і лугі.У выніку пачалася эрозія сухіх пясчана-тарфяністых глебаў. Бяскрайнія балоты станавіліся пустэчай, дзе часта гаспадарылі пясчаныя буры. Меліярацыйныя канавы і зніжэнне ўзроўню грунтовых вод абумовілі паступовае занядбанне і знікненне калісьці знакамітых і ўнікальных ў Еўропе ландшафтаў — дубовых лясоў, бароў, альшанікаў, рэдкасных раслін-эндэмікаў, мясцовай флоры і фаўны. Змена ландшафтаў звузіла прыродную кармавую базу аграрнай гаспадаркі, рыбалоўства, бортніцтва, збіральніцтва, традыцыйных промыслаў.

Назіралася нязвыклая для Палесся з’ява — знікненне чыстай грунтовай вады ў студнях.Экалагічны крызіс на Палессі, справакаваны сацыялістычнай калектывізацыяй сельскай гаспадаркі і так званай перабудовай вёскі, істотна дапоўніўся катастрофай на Чарнобыльскай АЭС.Непасрэдна ад выбуху 4-га рэактара пацярпела перш за ўсё Усходняе Палессе (раёны Брагінскі, Хойніцкі і Нараўлянскі), а ва Украіне — паўночная частка Кіеўскай і Жытомірскай абласцей. Крыху пазней у зоне значнага забруджання апынулася ўсходняя частка Магілёўскай вобласці, аднак гэта здарылася ў выніку мэтанакіраванага асаджэння радыеактыўных хмараў, што пагражальна рухаліся ў напрамку Масквы.На тэрыторыі найбольш пацярпелых ад аварыі раёнаў — Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага — на плошчы 1313 квадратных кіламетраў быў створаны Палескі экалагічны запаведнік, у 1989 годзе перайменаваны ў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Цяпер ён знаходзіцца ў вядзенні Дэпартамента па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях РБ. У 1993 годзе да запаведніка былі далучаныя 849 квадратных кіламетраў тэрыторый, прылеглых да зоны адчужэння, і яго сучасная плошча складае 216 578 га.Было і такое, што тэхніка, якая закопвала цэлыя двары, ішла па пятах навукоўцаў.

Тыя часу не гублялі: фіксавалі, як знікалі вёскі з мапы Беларусі.Пасля арганізацыі запаведніка для падтрымання запаведнага рэжыму пачалося абгароджванне яго тэрыторыі, былі створаныя кантрольна-прапускныя пункты (Бабчын, Багушы, Верхне-Слабодскае, Глухавічы, Піркі, Цешкаў — усяго іх 11), пляцоўкі для правядзення навукова-даследчых работ; у Бабчыне была размешчана асноўная навуковая частка запаведніка і даследча-эксперыментальная база.Практычна адначасова з адсяленнем людзей сюды пачалі актыўна пранікаць дзікія жывёлы і птушкі, што ў выніку прывяло да фармавання ўнікальнага па сваіх памерах і разнастайнасці біярэзервату. Дзікія жывёлы і птушкі пачуваюць сябе тут камфортна і ў сваёй стыхіі. На сучасны момант адзначана прысутнасць 46 відаў млекакормячых, у тым ліку 6 відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі — буры мядзведзь, зубр, коні Пржэвальскага, барсук, рысь, соні.Чарнобыль прывёў да радыяцыйнага забруджвання не толькі сельскагаспадарчых угоддзяў, але і лесу. Лясістасць тэрыторыі складае 51,1 % (110,4 тыс.

га), 60 % лясоў знаходзіцца на тэрыторыі са шчыльнасцю забруджвання цэзіем-137 больш за 40 Кюры/км². Асноўныя лесаўтваральныя пароды ў запаведніку — сасна, бяроза, чорная вольха, дубровы. У структуры лесанасаджэнняў таксама важнае месца займаюць рэдкія пароды — усяго 40 ахоўных відаў. З сельскагаспадарчага ўжытку было выведзена болей за 264 тысяч гектараў зямлі.Усяго з забруджаных раёнаў Беларусі было пераселена 335 тысяч чалавек (значная частка іх пакідала Чарнобыльскую зону самастойна, добраахвотна).

Адначасова было ліквідавана 415 населеных пунктаў, 607 школ, 97 бальніц. Агульныя страты ў сувязі з Чарнобыльскай аварыяй — $ 235 мільярдаў у грашовым эквіваленце, што складала 32 гадавых бюджэты рэспублікі.Многія забруджаныя радыяцыяй вёскі пасля адсялення былі знішчаны, другія — апусцелі і стаялі асірацелымі, там засталіся усе звыклыя рэчы паўсядзённай культуры, гаспадарчы інвентар. У першыя гады пасля Чарнобыля, яны былі закансерваваныя і ў лепшым выпадку выконвалі функцыі этнаграфічных помнікаў, своеасаблівых музеяў пад адкрытым небам.У нас захаваліся дакументальныя фотаздымкі сялянскіх сядзіб у нежылых (адселеных) вёсках Чарнобыльскай зоны Нараўлянскага раёна. Каштоўнасць гэтых фотадакументаў у тым, што яны рэальна асвятляюць паўсядзённы побыт і традыцыйную культуру народаў Палесся ў ХХ стагоддзі і з’яўляюцца бясспрэчнымі каштоўнымі крыніцамі па вывучэнні гісторыі культуры Беларусі.Аднак час робіць сваё — і зараз гэтыя помнікі аказаліся фактычна разрабаванымі.

ТОП новости

Вход

Меню пользователя